воскресенье, 17 декабря 2023 г.

Рыхтуемся да выніковай работы

 У сераду, 20 снежня, нас чакае кантрольны дыктант па беларускай мове. Скарыстайце вольны час з карысцю, напішыце прапанаваныя тэксты.

Бусел

    Ходзіць по зялёнай лугавіне бусел. Павольна перастаўляе свае чырвоныя ногі. А дзюбу звесіў уніз, уважліва вывучае глебу. Гэты сур'ёзны птах з'яўляецца часткай беларускіх краявідаў. З людзьмі ён жыве ў дружбе. Гнёзды будуе часта на стрэхах хат, на дрэвах. За што народ любіць бусла, лічыць яго добрым суседам чалавека? Бусел назаўсёды стаў сімвалам ціхага, спакойнага, мірнага і шчаслівага жыцця.
Раніца ў лесе
    На ўсходзе павольна шарэе. Пачынаецца ранак. Маўклівы лес ажывае. Недзе забалбатаў цецярук. Потым змоўк. У прыдарожным гушчары заквохкала цяцерка. Пачула нечыя крокі, моцна заляпала крыламі і ўзляцела. Зацінькалі сініцы. Жоўтыя з шараватым покрывам камочкі пераскакваюць з галінкі на галінку і пяюць: цінь-цінь! Хутка пачне сваю працу стракаты дзяцел. Настае новы дзень, поўны турбот для лясных жыхароў.
Першы снег
   Надышлі замаразкі. Яны ўсё мацнелі. Раніцамі зямля адзывалася пад нагамі лёгкім звонам. Кожны крок было чуваць па ўсім наваколлі. Сыпануў снег. Ён намерыўся легчы ўжо зусім сур'ёзна. Адразу на пяньках, на валунах з'явіліся белыя гурбы. Над маладзенькімі елкамі, над малымі бярозкамі хутка выраслі снежныя шапкі. Дрэўцы сагнуліся пад цяжарам, прыпалі верхавінкамі да самай зямлі.
Каля ракі
       На бераг рэчкі выйшаў стары бабёр. Сеў на хвост і заднія лапкі. Потым патачыў зубкі аб тоўстую лазіну і пачаў грызці маладыя парасткі. Раптам пачуўся шум. Гэта казуля прыбегла да рэчкі. Бабёр хуценька нырнуў у ваду і схаваўся ў сваёй хатцы. Казуля доўга не затрымалася. Яе спалохаў тупат лася.

Комментариев нет:

Отправить комментарий